Старонка:На імпэрыялістычнай вайне (1926).pdf/161

Гэта старонка не была вычытаная

А дзед-жмогус глядзеў спагадна, але ня дужа трывожна, як пабочны добры чалавек.

— Даруй мне, браце! — сказаў той, скасіўшы вочы да мяне.

— Бог даруе… — прашаптаў я без ахвоты тое, што зазвычаена казаць, калі так просяць перад споведзьдзю або перад сьмерцю. Мяне цікавіла глядзець на сіні твар, і ён лічыў патрэбным усё-ж адвесьці вочы.

— Даруй мне, дзед! — зьвярнуўся вачмі і да жмогуса.

— Бок даруйт… — прашамкаў жмогус, і паплыла сьляза па яго маршчыне на няголеную шчэць, аж я зьдзівіўся.

— Санітары! хадзіце сюды, санітары! — крыкнуў я раптам і голасна і ўзьняў галаву.

А іх трэба чакаць яшчэ.

Падышоў адзін, падышоў другі з насілкамі, зусім не хапаліся, паглядзелі, ці варта здымаць, а тады зьнялі, палажылі на насілкі і панясьлі назад, дзе йшла лазарэтная лінейка, палатняная буда з чырвонымі крыжамі па бакох.

Дзед-жмогус узяў у рукі лейцы і ўзноў сеў сьпераду, а на вольнае месца паказалі санітары лёгка раненаму, і той сеў, з прыемнасьцю пасьля хацьбы — барадаты, рыжы здаровы салдат, толькі рука падвязана і на канцы забінтована, што як падушка.

Я адвярнуўся ад яго і маўчаў. Боль прытупеў, было ўсё роўна, як баліць. Заплюшчыў вочы, бо рэзала вочы сьвятло з высокага шэрага неба. Зда-