Старонка:На імпэрыялістычнай вайне (1926).pdf/172

Гэта старонка не была вычытаная

пісьменным і бязрукім пішуць лісты. З далікатнаю на выгляд пакораю адукаванага чалавека сьпісуюць яны салдацкімі паклонамі ажно чатыры старонкі…

Ціха і супакойна ў палатах перад самым вечарам, — такім часам, калі з мутнага зімовага надвор'я паўзець ужо скрозь падвойныя рамы нявідны сумны зрок.

Раненыя сьпяць або ляжаць бязмоўна ў думах. Прыгожая пустэча ахінае чалавека.

Але паляць электрычнасьць, і зьнікае панурая цямнота, і ў сьветласьці ажываюць гукі. У салі — галасы, і навет сьмех, і размова аб калядных падарунках.

Зялёная пахучая хвойка ад самага раньня стаіць у салі, ды яе не прыбіраюць, бо яна ня ёсьць дазволена, хоць і ня ёсьць забаронена нейкім цыркулярам духоўнага ведамства, як звычай, пераняты ад немцаў.

Сёстры бегаюць з кісетамі, падобнымі да тых, што ў іх носяць мужыкі табаку і прылады курыць: крэсіва, смолку і трут. Кісеты сьцягнуты шнуркамі, у іх уторкнуты невялічкія хваёвыя лапкі, і бакі вабліва расьпіраюцца.

Як толькі я выкалдыбаў на сваіх трох скрыпучых кастылех з палаты ў салю, дык і мне сястрычка Пудра паднесла кісецік. І я браў яго, аглядаючы фальшыва-бязуважна, а з праўдзіваю цікавасьцю да таго, што ў ім ёсьць, і дзякаваў для прылікі.

Пакруціўшыся ў салі, я незабавам закульгаў у сваю блізу пустую пасьля апошняй эвакуацыі палату.