Старонка:На імпэрыялістычнай вайне (1926).pdf/182

Гэта старонка не была вычытаная

туць… Яны там цяпер толькі й думаюць аб гэтым, болей ні аб чым…

Ну, дык-жа й няхай сядзяць, няхай калеюць… Няхай, няхай…

Зайшоў на двор, узяў пад павецьцю рэзгіны і пайшоў на гумно.

Адтуль, з-пад варот, кінуліся ўгору галубцы. Але, падбегшы, убачыў, што на таку іх некалькі засталося. Вулькаюць, тапыраць ад холаду пер‘іка, перавальваюцца на чырвоненькіх, шызенькіх лапках, дзяўбуць зярняткі, убітыя цапамі ў ток.

Ціханька прасунуўся на ток, узяў ля стараны адну мятлу й другую — і заткнуў дзіркі пад варотамі. Тады падняў лапату, схаваўся за саху і сьвіснуў на іх раптам з усяе сілы, аж задрыжэў.

Пур! пур! пур! — як людзі перад страхам, замяталіся, пакінулі найлепшую яду і ў сьмяротнай тузе кінуліся пад вароты, біліся крылкамі, каб выляцець…

Шубнуў лапатаю ў самы груд — і ўбачыў аднаго з паломаным, абвіслым крылкам. Схапіў яго і сударжна сьціснуў у руцэ. Адчуў, як б‘ецца сэрца і ў галуба і ў самога.

Размахнуўся і з дзікім імпэтам трахнуў яго аб саху галоўкаю, як толькі ножкі яму тут не адарваліся. І брыдліва кінуў, як напханую апілкамі і пакромсаную дзяціную ляльку.

А тады зірнуў на апаскуджаную такім учынкам руку і пашоў накладаць ношку.