Старонка:На імпэрыялістычнай вайне (1926).pdf/183

Гэта старонка не была вычытаная

Узяўся за вілкі — рабіць струшанку. Рухава й высока падкідаў салому й сена, чуў нейкую лёгкасьць на сэрцы, і запяяў паціху, а што далей, то дужэй:

А ты скрыпка, іграй шыбка,
А ты, дудка, іграй жудка…
Эх, перавозы ціхае маладосьці мае!

Гэтую песьню пяюць у нас карагодам, пяюць прыгожа, і я заўсёды любіў яе Цяпер пяяў ня ўсю, а толькі гэтую зваротку, і ня столькі зваротку, колькі прыпеў, што можна цягнуць яго, як хочаш доўга і як хочаш у сэрцы.

Эх, перавозы ціхае маладосьці мае!

Зрабіў струшанку, узваліў рэзгіны на плечы, замкнуў гумно і здаволены паплёўся з ношкаю дамоў. Ноч, зімовая, цёмная, даўгая ноч спаўзае на зямлю. Цішэе надвор‘е. Замятуха перастала, і паваліў вялікім і густым хлопам сьнег. Усё пабялела й пачысьцела.

І ў пуні, калі клаў сена пад драбінкі, а конь замінаў сваёю вялікаю конскаю галавою, з прагавітасьцю і смакам хапаючы сена з рук, — не ўзлаваўся на яго. Абшчапіў тую галаву за гладкія санкі і прытуліўся да шыі:

— Канёк мой! Гнядзенькі мой! Усё добра будзе!

А конь хрумстаў сена і трос вушмі.


Калі прыйшоў у хату, сьвятла яшчэ не запалілі. Сам узяўся за лямпу і стаў шукаць серчыкі.

— Ніколі ў вас нічога ня знойдзеш на сваім месцы.