Старонка:На імпэрыялістычнай вайне (1926).pdf/184

Гэта старонка не была вычытаная

— Яны, здаецца, над чалесьнікам ляжалі, — бароніцца сваім сварліва пакутным голасам нявестка.

— А ты, калі ведаеш дзе, дык узяла-б ды сама запаліла… Шкло во хоць бы трошку пачысьціла.

— Ці яго начысьцішся…

— Каб ты хоць раз яго чысьціла.

Лямпа асьвятліла скнарым сьвятлом хату.

Стол наш высокі і дрэнны, абы-як пакрыты нячыстым абрусом. Зэдлік ківаецца на няроўных ножках. На вакне, дзе пабіта шыба, змокла скомканая старая кохта. На лаўках валяюцца крошкі ад хлеба, дробнае рызьзё і ўсякае шумецьце. На падлозе насьмечана і наліта, валяюцца кійкі, стружкі, дзяціныя цацкі і брудныя ашмёткі, — як дзеці гулялі, так і засталося. На палу — склычаныя і незасланыя пасьцелі. А ўздоўж сьцяны там — усякая адзежа грудам, — навалена, як трапілася. Над дзьвярмі, на калкох, пара хамутоў, каб раменныя гужы на дварэ не замярзалі і не псаваліся; і вісячыя канцы заўсёды б‘юць па шапцы на парозе, як быццам хто наўмысьля іх адкідае. Ад дзяцінае люлькі і з печы, дзе сушацца абмочаныя сяньнікі, цягне цяжкім смуродным духам. Цэбар з памыйкамі, кадушка з лугам, абвязаная маміным хвартуком і абсыпаная залою і попелам, ночвы з мукою і сьвіны жолаб з мякінаю, зялёны, ніколі нячышчаны самавар з пагнутым бокам і бяз ручкі, глёк з дзёгцем, пляшкі з красінам, рэшата ў муцэ, атопак з канцом аборыны… а наліта, ня сьцёрта… Прусы абгрызьлі на сьцяне газэціну, прылепленую мякішкам, вылезьлі і шаволяць вусамі, бегаюць!..