Старонка:На імпэрыялістычнай вайне (1926).pdf/185

Гэта старонка не была вычытаная

І як кожны вечар, і цяпер мама дастае гаршкі з печы, а тата ўнёс сабе вады у карцы з сянец і, набраўшы ў рот, льлець з роту на рукі, мые перад вячэраю. Нявестка корміць на запечку малога, схіліўшыся абвіслымі голымі грудзьмі, а большыя дзеці скрыпаюць на печы, усадзіўшы лучынінку ў шчэлку ў бэльцы. Забава!

— Выганьце-ж Буяна вон… — кажа мама, калі тата садзіцца за стол.

— Пашэў вэн! — вякнула з запечку нявестка.

Хлебам яго паманіце, — параіў я на злосьць.

— Во, яшчэ хлеба яму даваць, — лагодна пярэчыць мама, хапае чапялу, падсунула яе пад стол і забарабаніла Буяну пад мордаю. А той там сядзіць і вухам не вядзе.

— Пусьці-тка ты, во я яму! — борзьдзенька выхапіў тата чапялу з яе рук. І грозна закрычэў: — Пашэў вэн! Каб ты здох! Во я табе!

Буян яўкнуў ад чапялы, як даў яму тата па баку, з сабачым упудам праскочыў, па-пад лаўкаю да зачыненых дзьвярэй і аж запішчэў, паглядаючы на клямку і назад.

Тады тата трошачку прыадчыняе дзьверы i грукае па яго задку чапялою, што бедны Буян раве і комельгам коціцца на двор.

— Ты заб‘еш яго так, — кажа мама на татаву злосьць.

— А глядзець на яго? Спатворылі сабаку, а цяпер шкадуеце, — дрыжача адказвае тата і стараецца супакоіцца, бо аж трасуцца ў яго рукі.