Старонка:На імпэрыялістычнай вайне (1926).pdf/187

Гэта старонка не была вычытаная

мне, мая-ж ты любенькая! Хадзі-ж ты ка мне, мая худзенькая румзачка! Ня плач-жа, ня плач, ато матка ізноў будзе біць… Цыц!

— Не бярыце яе на боскую міласьць! Гэтак чыста паспатворым дзяцей… — з блізкімі сьлязьмі крычыць нявестка.

— А ўжо-ж… я вінавата: я паспатворыла… — і ў голасе мамы досыць прыкрасьці.

Так пачынаецца сварка.

— Калі йшоў на вайну, хай-бы з сабою браў, як мне тутацька… ні разачку… спакою няма…

І нявестка заплакала. Спачатку ўсё ў хаце прыціхла, толькі яна плакала. Але яна потым скляла дзяцей:

— Каб ужо хоць пагібель на іх ад мае галавы…

— Цыц! — узвышае тады голас тата. — Што ты дзяцей клянеш? Яны чым вінаваты?

— А праваліся ён і паёк разам з імі, як за яго мяне грызуць а грызуць.

На дзяцей выдаюць ад казны паёк, па рублю, два і тры рублі ў месяц, але грошы нявестка не аддае ў гаспадарку, і ў гэтым хаваецца прычына сварак.

— Хто цябе грызець і за што? Ці мы сабакі якія, га?

Нічога не адказвае нявестка на татавы словы, каб сваімі моўчкамі яшчэ болей усім дапячы; узяла дзіцёнка, захліпала сьлязьней і палезла на запечак, ня еўшы крупені.

„Так і заўсёды, так і заўсёды“, разважаю я, сёрбаючы пракіслую ўжо крупеню з бобам. „Дзе-ж тут скажаш, каб прыбіралі ў хаце“…