хаў доктар. — Толькі п’янствуеце, чорт вас пабяры! І цяпер вы п’яныя як шавец! Дзе Надзея Язэпаўна?
Акушэркі Надзеі Язапаўны ня было ў бальніцы, хоць яна павінна была кожную раніцу прысутнічаць пры перавязках. Доктар агледзіўся, і яму пачало здавацца, што ў палаце ня прыбрана, што ўсё раскідана, нічога, што трэба, ня зроблена і што ўсё гэтак сама карбаціцца, камечыцца і ўкрыта пухам, як агідная фэльчарава камізэлька, і яму захацелася сарваць з сябе белы хвартух, накрычаць, кінуць усё, плюнуць і пайсьці. Але ён паўздужаў сябе і рабіў абход.
За Гарасімам ляжаў хірургічны хворы на запаленьне абалоніны ўва ўсёй правай руцэ. Гэтаму трэба было зрабіць перавязку. Доктар сеў перад ім на табарэтку і заняўся рукою.
«Гэта ўчора яны гулялі на імянінах… — думаў ён, памаленьку здымаючы павязку. — Пачакайце, я пакажу вам імяніны! А ўрэшце, што-ж я магу зрабіць? Нічога я не магу».
Ён абмацаў на апухлай, барвовай руцэ гнаяўку і сказаў:
— Скальпэль[1]!
Міхась Захаравіч, хочучы паказаць, што ён моцна трымаецца на нагах і можа працаваць, кінуўся з месца і хутка падаў скальпэль.
— Ня гэты! Дайце каторы з новых, — сказаў доктар.
- ↑ Мэдычны нож.