Фэльчар, дробна перабіраючы нагамі, пабег да крэсла, дзе стаяла скрынка з перавязачным матэрыялам і пачаў сьпяшаючыся капацца ў ёй. Ён доўга шаптаўся пра нешта з сядзелкамі, соваў скрынку па крэсьле, шуршэў, нешта разы два скінуў, а доктар сядзеў, чакаў і адчуваў у сваіх плячах моцнае раздражэньне ад шэпту і шолаху.
— Хутка там? — спытаў ён. — Вы, мусіць, іх унізу пакінулі.
Фэльчар падбег да яго і падаў два скальпэлі, і да таго не ўсьцярогся і дыхнуў у яго бок.
— Гэта ня тыя! — сказаў злосна доктар. — Я кажу вам па-руску і зразумела, дайце каторы з новых. А, урэшце, ідзеце і прасьпецеся, ад вас дае, як з карчмы! З вамі няма гаворкі!
— Якія-ж вам яшчэ нажы трэба? — спытаўся нэрвова фэльчар і паволі паціснуу плячыма.
Яму было прыкра і сорам, што проста на яго глядзяць хворыя і сядзелкі, і каб паказаць, што яму ня сорам, ён прымусіў сябе ўсьміхнуцца і паўтарыў:
— Якія-ж вам яшчэ нажы трэба?
Доктар адчуў на вачох сьлёзы і дрыжыкі ў пальцах. Ён перамог сябе і прагаварыў нэрвовым голасам:
— Ідзеце прасьпецеся! — Я не хачу гаварыць з п’яным…
— Вы можаце толькі за што трэба з мяне спаганяць, — гаварыў далей фэльчар, — а калі я, скажам, выпіўшы, дык ніхто ня мае права мне ўпікаць. Я-ж служу? Што-ж вам яшчэ! Служу-ж?