мець, з якою глыбокаю і адважнаю пагардасьцю ён адносіцца да мэдыцыны з яе вучонасьцю і пэдантызмам.
Дачакаўшыся, калі пальцы ўжо ня дрыжэлі, доктар сеў за стол і напісаў ліст да старшыні ўправы: «Паважаны Леў Трахімавіч! Калі, атрымаўшы гэты ліст, ваша ўправа ня зволіць фэльчара Сьмірноўскага і ня дасьць мне права самому выбіраць сабе памоцніка, дык я буду вымушаны (не бяз жалю, вядома) прасіць вас ня лічыць ужо мяне болей доктарам №-скае бальніцы і паклапаціцца знайсьці мне намесьніка. Прывітаньне Любе Тодараўне і Юсу. З пашанаю да вас Г. Аўчынікаў». Прачытаўшы гэты ліст, доктар знайшоў, што ён кароткі і ня так, як трэба, халодны. Да таго-ж прывітаньне Любе Тодараўне і Юсу (гэта была мянушка старшынёвага сына) у службовым, офіцыйным лісьце было больш як не да рэчы.
«Які тут чорта Юс?» — падумаў доктар, падраў ліст і пачаў выдумляць другі. — «Шаноўны пане»… — думаў ён, сеўшы ля адчыненага вакна і пазіраючы на качак з качаранятамі, што хістаючыся і спатыкаючыся завіхаліся па дарозе, мабыць да саджалкі; адно качаранё папала на дарозе нейкія кішкі, удушылася і трывожна запішчала; другое падбегла да таго, выцягнула ў яго з рота кішкі і таксама ўдушылася… Далёка ля плоту ў карункавым цені блукала кухарка Адарка і зьбірала шчаўе на боршч… Чуваць былі галасы… Хурман Зот з вобрацьцю ў руцэ і бальнічны мужык Мануйла ў