жальніка, а проста памеркаваўшыся: «перамагу сябе, папрашу прабачэньня і, можа, мяне ня выганяць і не адбяруць кавалак хлеба»… Што можа быць больш зьняважлівым для чалавечага гонару?
— Даруйце… — паўтарыў фэльчар.
— Паслухайце… — загаварыў доктар, стараючыся не глядзець на яго і ўсё яшчэ не знайшоўшы, што сказаць. — Паслухайце… Я вас абразіў і… і павінен быць пакараны, гэта значыць задаволіць вас… Дуэляў вы не прызнаіцё… Хоць, я і сам не прызнаю дуэляў. Я вас зьняважыў і вы… вы можаце паскардзіцца на мяне міравому судзьдзі, і я пакараны буду. А заставацца нам тут удвух нельга… Хто-небудзь з нас, я ці вы, мусіць выйсьці! (Божа мой! я ня тое яму кажу! — жахнуўся доктар. — Як недарэчна, як недарэчна!). Адным словам, падавайце заяву! А служыць разам мы ўжо ня можам!.. Я ці вы… Заўтра-ж падавайце!..
Фэльчар зірнуў з-пад ілба на доктара, і ў яго цёмных, мутных вачох загарэлася самая шчырая пагарда. Ён заўсёды лічыў доктара непрактычным, капрысным хлапчанём, а цяпер ненавідзеў яго за дрыжыкі, за незразумелую сумятню ў словах…
— І падам, — сказаў ён хмурна і злосна.
— Але, і падавайце.
— А што-ж вы думаеце? Не падам? І падам… Вы ня маеце права біцца. Дый сароміліся-б. Б’юцца толькі п’яныя мужыкі, а вы адукаваны…
У грудзях у доктара нечакана ўзварухнулася ўся яго нянавісьць, і ён закрычаў не сваім голасам:
— Выбірайцеся вон!