Фэльчар нехаця зрушыўся з месца (яму быццам хацелася яшчэ нешта сказаць), пайшоў у прадпакой і спыніўся там, задумаўшыся. І, нешта надумаўшыся, ён рашуча вышаў…
— Як недарэчна, як недарэчна! — марматаў доктар, як фэльчар пайшоў. — Як гэта ўсё недарэчна і нікчэмна!
Ён адчуваў, што трымаў сябе з фэльчарам як хлапчук, і ўжо разумеў, што ўсе яго думкі наконт суду неразумныя, не разьвязваюць пытаньня, а толькі ўскладняюць яго.
— Як недарэчна! — думаў ён, седзячы ў шарабане і потым гуляючы ў вайсковага начальніка ў вінт. — Няўжо я так мала адукаваны і так мала ведаю жыцьцё, што не магу разьвязаць гэтае простае пытаньне? Ну, што рабіць?
Назаўтра раніцаю доктар бачыў, як фэльчарава жонка садзілася на калёсы, каб некуды ехаць, і падумаў: «Гэта яна да цёткі. Хай!»
Бальніца абыходзілася бяз фэльчара. Трэба было напісаць заяву ў управу, але доктар усё яшчэ ніяк ня мог здумаць формы ліста. Цяпер сэнс ліста павінен быў быць гэтакі: «Прашу зволіць фэльчара, хоць вінаваты ня ён, а я». Выкласьці-ж гэтую думку гэтак, каб вышла і да рэчы і ня сорамна — для прыстойнага чалавека амаль немагчыма.
Дні праз два ці тры доктару пераказалі, што фэльчар быў са скаргаю ў Льва Трахімавіча. Старшыня ня даў яму сказаць ніводнага слова, затупаў нагамі і правёў яго крыкам: «Ведаю я цябе! Прэч! Не хачу слу-