але стрымаў сябе і, стараючыся здавацца спакойным, праціснуўся праз натоўп мужыкоў у камеру. Камера была пустая, і ланцужок міравога вісеў на плечках крэсла. Доктар пайшоў у пакой справавода. Тут ён убачыў маладога чалавека з худым тварам і ў каламенкавым піджаку з адтапыранымі кішэнямі — гэта быў справавод, і фэльчара, што сядзеў за сталом і, ад ня меўшы інакшага занятку, перагортваў даведкі пра падсуднасьць. Калі ўвайшоў доктар, справавод устаў. Фэльчар зьбянтэжыўся і гэтак сама ўстаў.
— Аляксандра Архіпавіч яшчэ ня прыходзіў? — спытаў доктар засаромеўшыся.
— Не яшчэ. Яны дома… — адказаў справавод.
Камера зьмяшчалася ў сядзібе міравога судзьдзі, у адным яго флігелі, а сам судзьдзя жыў у вялікім доме. Доктар выйшаў з камеры і не сьпяшаючыся пайшоў у дом. Аляксандру Архіпавіча знайшоў ён у сталовай за самаварам. Міравы бяз сурдуту і без камізэлькі, з расшпіленаю на грудзях кашуляю стаяў ля стала і, трымаючы ў абедзьвюх руках імбрычак, наліваў сабе шклянку цёмную, як кава, гарбату; убачыўшы госьця, ён хутка прысунуў да сябе другую шклянку і, ня вітаючыся, спытаўся:
— Вам з цукрам ці бяз цукру?
Некалі, вельмі даўно, міравы судзьдзя служыў у кавалерыі; цяпер ён ужо за сваю шматгадовую службу па выбарах быў у чыне сапраўднага стацкага, але ўсё яшчэ ня кідаў ні свайго вайсковага мундзіру, ні вайсковых звычак. У яго былі доўгія паліцмэйстраўскія вусы, нагавіцы з кантамі, і ўсе яго ўчынкі і словы былі