— Але… але ён-жа хам, душа мая, халуй… На яго нельга браць увагі…
— Хам, халуй, але-ж вы выбралі гэтага сьвістуна ў члены і дазваляеце яму ўсюды ўтыкаць свой нос! Вы от усьміхаецеся! Па-вашаму ўсё гэта дробязі, глупства, але зразумейце-ж, што гэтых дробязяй так шмат, што з іх склалася ўсё жыцьцё, як з пясчынак гара! Я болей не магу! Сілы не стае, Аляксандра Архіпавіч! Яшчэ трохі і, запэўняю вас, я ня толькі біць па пыцках, але страляць у людзей буду. Зразумейце, што ў мяне не драты, а нэрвы. Я гэткі-ж чалавек, як і вы…
Доктаравы вочы наліліся сьлязьмі і голас задрыжаў; ён зьвярнуўся і пачаў глядзець у акно. Зрабілася ціха.
— Н-так-с, паважаны… — прамарматаў міравы задумаўшыся. — З другога-ж боку, калі абмеркаваць стала, дык… (міравы злавіў камара і, добра прыплюшчыўшы вочы, агледзіў яго з усіх бакоў, прыціснуў і кінуў у паласкальніцу)… дык, бачыце, і выганяць яго няма рацыі. Выганіце, а на яго месца сядзе іншы гэткі-ж, ды яшчэ, можа стацца, і горшы. Зьменіце вы сто чалавек, а добрага ня знойдзеце… Усе падлюгі (міравы пагладзіў сябе пад пахамі і паволі закурыў папяросу). З гэтым горам трэба пагаджацца. Я павінен вам сказаць, што-о цяперашнім часам сумленных і цьвярозых працаўнікоў, па ком вы можаце быць сьмелымі, можна знайсьці ўсяго ў інтэлігенцыі і мужыкоў, значыцца ў двух гэтых працілегласьцяй і толькі. Вы, так сказаць, можаце знайсьці найсумленнага доктара, адменнага пэдагога, найсумленнага аратага ці каваля, але сярэднія людзі, значыцца, калі так сказаць, лю-