Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/126

Гэта старонка не была вычытаная

што ён з сям’ёю, галодны? Куды ён дзенецца з сваёю сям’ёю?

«Чорт ведае што, ня тое я кажу!» — падумаў ён, і яму здалося дзіўным, што ён ніяк ня можа ўмацавацца на якой-небудзь аднэй, сталай думцы, ці на якім-небудзь адным пачуцьці. «Гэта таму, што я ня глыбокі і ня ўмею думаць», — падумаў ён.

— Сярэдні чалавек, як вы назвалі, ненадзейны, — казаў ён болей. — Мы яго гонім, лаем, б’ём па фізыономіі, але ўрэшце трэба-ж зразумець і яго становішча. Ён ні мужык, ні пан, ні рыба, ні мяса; мінулае яго горкае, у сучасным у яго толькі 25 рублёў у месяц, галодная сям’я і падначальнасьць, у будучыне тыя самыя 25 рублёў і залежнае становішча, хоць праслужыць ён сто гадоў. У яго няма ні адукацыі, ні ўласнасьці; чытаць і хадзіць у царкву яму няма калі, нас ён ня чуе, бо мы не падпушчаем яго да сябе блізка. Гэтак і жыве дзень-у-дзень да самае сьмерці без надзей на лепшае, палуднуючы збольшага, баючыся, што от-от яго прагоняць з службовае кватэры, ня ведаючы, куды прыткнуць сваіх дзяцей. Ну, як тут, скажэце, ня п’янстваваць? Адкуль тут возьмуцца прынцыпы!

«Мы, здаецца, ужо соцыяльныя пытаньні разьвязваем, — падумаў ён. — І як няскладна, божа! Дый навошта ўсё гэта?»

Пачуліся званкі. Нехта ўзьехаў на двор і пад’ехаў спачатку да камеры, потым да ганку вялікага дому.

— Сам прыехаў, — сказаў міравы, паглядзеўшы ў вакно. — Ну, будзе вам на гарэхі!