Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/132

Гэта старонка не была вычытаная

УЛАДЗІК

Аднае летняй нядзелі, гадзіне а пятай увечары, Уладзік, сямнаццацігадовы юнак, няпрыгожы, хваравіты і нясьмелы, сядзеў у альтанцы на дачы ў Шуміхіных і сумаваў. Яго невясёлыя думкі цяклі ў трох кірунках. Па-першае, на заўтра, у панядзелак, ён павінен быў трымаць экзамін па матэматыцы; ён ведаў, што калі заўтра яму не пашанцуе разьвязаць матэматычную задачу, дык яго выключаць, бо сядзеў ён у шостай клясе два гады і меў гадавую адзнаку па альгебры 2¾. Па-другое, яго дачаснае жыцьцё у Шуміхіных, людзей багатых і з пратэнзіяй на арыстократызм, увесь час кранала яго ганарыстасьць. Яму здавалася, што m-me Шуміхіна і яе пляменьніцы глядзяць на яго і ягоную maman як на бедных сваякоў і нахлебнікаў, што яны не паважаюць maman і сьмяюцца з яе. Аднаго разу ён незнарок падслухаў, як m-me Шуміхіна казала на тэрасе сваёй стрыечнай сястры Ганьне Тодараўне, што яго maman уcё яшчэ маладзіцца і надае сабе прыгожасьці, што яна ніколі ня плоціць пройгрышу і мае прыхільнасьць да чужых чаравікаў і да чужога тытуну. Штодзень Уладзік упрашваў maman ня езьдзіць да Шуміхіных.