апісваў ёй, якую абразную ролю грае яна ў гэтых панкоў, пераконваў, грубіяніў, але тая, лёгкадумная, расьпешчаная, пражыўшы на сваім вяку дзьве маёмасьці — сваю і мужаву, заўсёды імкнучыся да вышэйшае грамады, не разумела яго, і Ўладзік разы два на тыдзень мусіў праводзіць яе на ненавідную дачу. Па-трэцяе, юнак ніяк ня мог пазбавіцца дзіўнага няпрыемнага пачуцьця, што было ў яго зусім новае… Яму здавалася, што ён закахаўся ў стрыечную сястру і гасьціцу Шуміхінай, Ганну Тодараўну. Гэта была рухавая, галосная і сьмяшлівая паненка, гадоў трыццаці, здаровая, моцная, ружовая, з круглымі плячыма, з круглым тлустым падбародкам і заўсёды з усьмешкаю на тонкіх губах. Яна была няпрыгожая і немаладая — Уладзік добра ведаў гэта, але чамусьці ён ня мог ня думаць пра яе, не глядзець на яе, калі яна, гуляючы ў крокет, паціскала сваймі круглымі плячукамі і паціскала гладкімі плячыма ці пасьля доўгага сьмеху і беганіны па ўсходцах кідалася ў крэсла і, заплюшчыўшы вочы, цяжка дыхаючы, рабіла выгляд, што яе грудзям цесна і душна. Яна была замужам. Яе муж, солідны архітэктар, раз на тыдзень прыяжджаў на дачу, добра высыпаўся і варочаўся назад у горад. Дзіўнае пачуцьцё пачалося ў Ўладзіка з таго, што ён бяз прычыны ўзлаваўся на гэтага дойліда і радаваўся ўсякі раз, як той выяжджаў у горад.
Цяпер, седзячы ў альтанцы і думаючы пра заўтрашні экзамін і пра mаman, што з яе ўсе сьмяюцца, ён адчуваў моцнае жаданьне бачыць Ганьку (так