але мінула паўхвіліны, і ўсё гэта раптам зьнікла. Уладзік бачыў адзін толькі тоўсты, няпрыгожы твар, скажаны выразам гідлівасьці, і раптам адчуў агіду да таго, што адбылося.
— Але такі мне трэба ісьці, — сказала Гануля, грэбліва аглядаючы Ўладзіка. — Які няпрыгожы, мізэрны… фі, гадкае качаранё!
Якія цяпер Уладзіку здаваліся брыдкія яе доўгія валасы, прасторны кафтан, яе крокі, голас!..
«Гідкае качаранё… — думаў ён пасьля таго, як яна пайшла. — Сапраўды я гідкі… Усё гідкае».
На дварэ ўжо ўсходзіла сонца, гучна сьпявалі птушкі, чуваць было, як праз сад ішоў садоўнік і як рыпела яго тачка… А трохі пачакаўшы пачулася рыканьне кароў і гукі пастуховае жалейкі. Сонечнае сьвятло і гукі гаварылі, што недзе на гэтым сьвеце ёсьць жыцьцё чыстае, прыгожае, поэтычнае. Але дзе яно? Пра яго ніколі не казалі Ўладзіку ні maman, ні ўсе тыя людзі, што абкружалі яго.
Калі лёкай будзіў яго на ранічны цягнік, ён прыкінуўся, што сьпіць…
«Ну яго, усё к д’яблу!» — думаў ён.
Устаў ён з ложку а адзінаццатай гадзіне. Прычэсваючыся перад люстэркам і пазіраючы на свой няпрыгожы, бледны ад бяссоннае ночы твар, ён падумаў:
«Сапраўды… Гідкае качаранё».
Калі maman пабачыла яго і зжахнулася, што ён не на экзаміне, Уладзік сказаў:
— Я праспаў, maman… Але вы не клапацецеся, я падам мэдычнае пасьведчаньне.