васьці, бо ўсе мы ненавідзім адзін аднаго і спароць гатовы. Праходзіць гадзіна, другая і от, нарэшце, паказваецца здалёк хурманка і… і…
Доктар зайшоўся дробным сьмехам і выгаварыў тоненькім галаском:
— Вы выходзіце з хурманкі, і старыя ведзьмы, паводле каманды гарнізоннага пацука, пачынаюць сьпяваць… — «Коль славен наш господь в Сионе, не может из’яснить язык»… Ня кепска?
Доктар зарагатаў басам і махнуў рукою, нібы хочучы паказаць, што ад сьмеху ён ня можа слова вымавіць. Сьмяяўся ён цяжка, прарэзьліва, з моцна сьціснутымі зубамі, як сьмяюцца благія людзі, і паводле яго голасу, твару і бліскучых, трохі нахабных вачэй можна было зразумець, што ён пагарджаў і княгіняю, і прыютам, і старымі. Ува ўсім, што ён гэтак нязграбна і недалікатна расказваў, ня было нічога сьмешнага і вясёлага, але рагатаў ён са здавальненьнем і нават з радасьцю.
— А школа? — усё гаварыў ён, цяжка дыхаючы ад сьмеху. — Помніце, як вы захацелі самі вучыць мужычых дзяцей. Мусіць надта добра вучылі, бо хутка ўсе хлапчукі разьбегліся, так што потым трэба было лупсаваць іх і наймаць за грошы, каб яны хадзілі да вас. А памятаеце, як вы захацелі ўласнымі рукамі паіць з суслы дзеці ад грудзей, чые маткі працуюць на полі? Вы хадзілі па вёсцы і плакалі, што гэтых дзяцей няма вам на паслугі — усе маткі бралі іх з сабою ў поле. Потым стараста загадаў маткам па чарзе пакідаць сваіх дзяцей вам на пацеху! Дзіўная справа! Усе ўцякалі ад