Роўны і спакойны тон сакратара супакоіў Аўдзеева. Вярнуўшыся дадому ў краму і знайшоўшы там сваіх сяброў, ён зноў выпіваў, закусваў ікрою і філёзофстваваў. Ён ужо амаль забыўся пра вобыск, і яго турбавала ўсяго адна рэч, і яе ён ня мог не заўважыць: у яго неяк дзіўна шэрхла левая нага і чамусьці зусім не травіў жывот.
Увечары таго дня лёс аглушыў Аўдзеева яшчэ адным стрэлам: на надзвычайным пасяджэньні думы ва ўсіх банкаўцаў, у тым ліку і Аўдзеева, было адабрана права голасу, бо яны былі пад судом і сьледзтвам. Раніцою ён атрымаў паперу, дзе яму прапанавалі зараз-жа здаць пасаду царкоўнага старасты.
Потым Аўдзееў зьбіўся з ліку, так часта пачаў страляць у яго лёс, і ў яго хутка адзін за адным замільгалі дзіўныя, нябывалыя дні, і кожны дзень прыносіў з сабою які-небудзь новы сюрпрыз. Паміж іншым сьледчы прыслаў яму позву. Ад сьледчага вярнуўся ён дадому абражаны, чырвоны.
— Прычапіўся, як з нажом да горла: нашто падпісваў? Падпісваў, от і ўсё! Хіба я знарок? Насілі ў краму, я і падпісваў. Я і чытаць-жа пісанага як сьлед не магу.
Прышлі нейкія маладыя людзі з бязуважнымі тварамі, запячаталі краму і апісалі ў доме ўсю мэблю. Думаючы, што ўсё гэта інтрыга і, як раней, не адчуваючы за сабою ніякае віны, абражаны Аўдзееў пачаў бегаць па ўстановах і скардзіцца. Цэлыя гадзіны чакаў ён у прадпакоях, пісаў доўгія прашэньні, плакаў, сва-