Дні беглі за днямі, і, нарэшце, пасьля доўгай, цяжкой цеганіны надышоў час суду. Аўдзееў пазычыў 50 рублёў, узяў сьпірту на нагу і травіцы на страўнік, ды паехаў у той горад, дзе была судовая палата.
Суд ішоў паўтара тыдні. Увесь час суду Аўдзееў стала і паважна, як гэта і належыць чалавеку шаноўнаму і невінаватаму пакутніку, сядзеў сярод сваіх таварышоў па няшчасьцю, слухаў і ані нічога не разумеў. Настрой у яго быў варожы. Ён злаваў, што яго доўга трымаюць у судзе, што нідзе нельга знайсьці поснай яды, што абаронца не разумее яго і, як здавалася яму, гаворыць ня тое, што трэба. Судзьдзі, здавалася яму, судзілі ня так, як-бы трэ’ было. Яны ня бралі на Аўдзеева амаль ніякай увагі, зьвярталіся да яго раз у тры дні, і пытаньні, што яны давалі яму, былі гэтакія, што, адказваючы на іх, Аўдзееў усякі раз выклікаў у публіцы сьмех. Калі ён парываўся гаварыць пра свае страты і пра тое, што хоча спагнаць судовыя выдаткі, абаронца паварачваўся і рабіў незразумелую грымасу, публіка сьмяялася, а старшыня сурова заяўляў, што гэта да справы дачыненьня ня мае. У сваім апошнім слове ён сказаў ня тое і ня так, як яго вучыў абаронца, а зусім іншае, што таксама выклікала сьмех.
У тыя страшныя гадзіны, калі прысяжныя раіліся ў сваім пакоі, ён злосна сядзеў у буфэце і зусім ня думаў пра прысяжных. Ён не разумеў, чаго яны раяцца гэтак доўга, калі ўсё так зразумела, і што ім трэба ад яго.
Выгаладаўшыся, ён папрасіў лёкая даць яму чаго-небудзь таннага і поснага. За сорак капеек яму далі нейкай халоднай рыбы з моркваю. Ён зьеў і адразу