сябе і помніць, што у мяне ёсьць усяго гадзіна і сорак хвілін. Адным словам, працы стае. У адзін і той самы час даводзіцца ўдаваць з сябе і вучонага, і пэдагога, і прамоўцу, і дрэнна тады, калі прамоўца пераможа ў вас пэдагога і вучонага, або наадварот.
Чытаеш чвэрць, паўгадзіны і вось заўважаеш, што студэнты пачынаюць паглядваць на столь, на Пётру Ігнатавіча, адзін палезе па насоўку, другі сядзе зручней, трэці ўсьміхнецца сваім думкам… Гэта значыць, што ўвага стомлена. Трэба ўжыць захады. Карыстаючыся першым выгодным выпадкам, я кажу якое жартаслоўе. Усе паўтараста абліччаў шырока ўсьміхаюцца, вочы весела блішчаць, чуецца ненадоўга гумора… Я таксама сьмяюся. Увага асьвяжылася, і я магу чытаць далей.
Ніякі спорт, ніякія забаўкі і гульні ніколі не давалі мне такой асалоды, як чытаньне лекцый. Толькі на лекцыі я мог увесь аддавацца палкасьці і разуменьню, што натхненьне ня выдумка поэтаў, а і праўда — існуе. І я думаю, Гэркулес[1], пасьля самага лепшага з сваіх геройстваў, не адчуваў такой салодкай утомы, як перажываў я кожны раз пасьля лекцый.
Гэта было даўней. Цяперака-ж на лекцыях я знаю ўсяго адну пакуту. Не праходзіць і паўгадзіны, як я пачынаю адчуваць непераможную слабасьць у нагах і ў плячах; саджуся ў крэсла, але седзячы чытаць я ня прывык; праз хвіліну ўстаю, гавару стоячы,
- ↑ Гэркулес — герой грэцкай міталёгіі, што быў вядомы незвычайнай сілай.