Але не аб гэтым ход. Я ўсяго прашу прабачыць маю слабасьць і зразумець, што адарваць ад катэдры і вучняў чалавека, каго лёс касьцянога шпіку цікавіць болей, як апошняя мэта сьветабудовы, роўназначна таму, каб яго ўзялі ды і забілі ў труну, не прычакаўшыся пакуль ён памрэ.
Ад бяссоньніцы і ў выніку напружанай барацьбы з слабасьцю, што ўсё павялічваецца, са мной робіцца нешта дзіўнае. Сярод лекцыі да горла раптам падступаюць сьлёзы, пачынаюць сьвярбець вочы, і я адчуваю моцнае гістарычнае жаданьне выпрастаць уперад рукі і голасна паскардзіцца. Мне хочацца закрычаць чужым голасам, што мяне, славутага чалавека, лёс прысудзіў да сьмяротнай каты, што праз якога паўгода тут у аўдыторыі будзе гаспадарыць ужо другі. Я хачу закрычаць, што я атручаны; новыя думкі, чаго ня ведаў я раней, атруцілі апошнія дні майго жыцьця і ня спыняюць даваць джалы ў мае мазгі, як маскіты. І ў гэты час маё становішча здаецца гэткім жудасным, што мне хочацца, каб усе мае слухачы зжахнуліся, паўскаквалі з месц і сопалаху, з роспачным крыкам рынуліся ў дзьверы.
Ня лёгка перажываць такія хвіліны.
II
Пасьля лекцыі я сяджу дома і працую. Чытаю часопісі, дысэртацыі, або рыхтуюся да наступнай лекцыі, час-часом пішу што-небудзь. Працую з перапынкамі, бо даводзіцца прымаць наведвальнікаў.