Чуваць званок. Гэта таварыш прышоў пагаварыць аб справе. Ён уваходзіць да мяне з капялюшом, з палкаю і, падаючы мне адно і другое, кажа:
— Я на хвіліну, на хвіліну! Сядзеце, collega[1]. Усяго два словы!
Перш-на-перш мы стараемся паказаць адзін аднаму, што мы абодвы надзвычайна ветлівыя і вельмі рады бачыць адзін аднаго. Я саджаю яго на крэсла, а ён садзіць мяне. І мы асьцярожна пагладжваем адзін аднаго па станах, дакранаемся да гузікаў і падобна да таго, быццам мы абмацваем адзін аднаго і баімся апячыся. Абодвы сьмяемся, хоць не гаворым нічога сьмешнага. Сеўшы, нахіляемся адзін да аднаго і пачынаем ціха гаварыць. Як-бы шчыра мы ня ставіліся адзін да аднаго, мы ня можам, каб не аздабляць сваёй прамовы ўсякай кітайшчынай, накшталт: «вы мелі выпадак праўдзіва заўважыць», або «як я ўжо меў гонар вам сказаць», ня можам, каб не рагатаць, калі хто з нас выкіне жарт, хоць-бы няўдалы. Скончыўшы гаварыць аб справе, таварыш борзда ўстае і, памахваючы капялюшом на маю працу, пачынае разьвітвацца. Зноў мацаем адзін аднаго і сьмяемся. Праводжу да пярэдняга пакою: тут дапамагаю таварышу апрануць хутра, але ён усяк ухіляецца ад гэтага высокага гонару. Пасьля, калі Ягор адчыняе дзьверы, таварыш запэўняе мяне, што я прастуджуся, а я раблю выгляд, што гатоў ісьці за ім нават на вуліцу.
- ↑ Таварыш, што разам працуе.