шчакою і абавязкова глядзіць на што-небудзь з увагаю; ці бачыць яна ў гэты час, як я пішу і перагортваю кнігі, або як рупіцца жонка, або як кухарка на кухні скрабе бульбу, або як гуляе сабака, у яе заўсёды нязьменна ў вачох адно і тое самае, а менавіта: «Усё, што робіцца на гэтым сьвеце, усё прыгожа і разумна». Яна была цікавая і вельмі любіла гаварыць са мною. Бывала, сядзіць за сталом насупроць мяне, сочыць за маімі рукамі і дае пытаньні. Ёй цікава ведаць, што я чытаю, што раблю ва унівэрсытэце, ці не баюся я трупоў, куды дзяю сваю пэнсію.
— Студэнты б’юцца ва унівэрсытэце? — пытае яна.
— Б’юцца, любая.
— А вы ставіце іх на калені?
— Стаулю.
І ёй было сьмешна, што студэнты б’юцца і што я стаўлю іх на калені, і яна сьмяялася. Гэта было лагоднае, цярплівае і добрае дзіця. Часта мне даводзілася бачыць, як у яе адбіралі што, ушчувалі дарэмна або не здавольвалі яе цікавасьці: у гэты час да заўсёднага выразу даверлівасьці на яе твары прымешвалася яшчэ журба — толькі таго. Я ня ўмеў заступацца за яе, а ўсяго, калі бачыў журбу, мне хацелася прыгарнуць яе да сябе і пашкадаваць тонам старое нянькі: «сіротка мая любая!»
Памятаю таксама, яна любіла добра адзявацца і прыскацца парфумаю. Гэтым яна была падобна да мяне. Я таксама люблю прыгожае адзеньне і добрую парфуму.