Шкода, што ў мяне ня было часу і ахвоты прасачыць пачатак і разьвіцьцё захапленьня, якое цалкам ужо заваладала Касяю, калі ёй было 14–15 год. Я кажу пра яе палкую любоў да тэатру. Калі яна прыяжджала да нас з інстытуту на вакацыі і жыла ў нас, дык ні пра што яна не гаварыла з такою прыемнасьцю і з такім захапленьнем, як пра п’есы і актораў. Сваімі вечнымі гутаркамі пра тэатр яна стамляла нас. Жонка і дзеці ня слухалі яе. У аднаго толькі мяне хапала мужнасьці не ўважаць на яе. Калі ў яе зьяўлялася жаданьне падзяліцца сваімі захапленьнямі, яна ўходзіла да мяне ў габінэт і гаварыла расчуленым тонам:
— Мікалай Сьцяпаныч, дазвольце мне пагаварыць з вамі пра тэатр!
Я паказваў ёй на гадзіньнік і казаў:
— Даю табе паўгадзіны. Пачынай.
Пазьней яна пачала прывозіць з сабою цэлымі тузінамі портрэты актораў і акторак, на якіх малілася, потым паспрабавала колькі разоў удзельнічаць у аматарскіх спектаклях і ўрэшце, калі скончыла курс навукі, абвясьціла мне, што яна нарадзілася, каб быць акторкаю.
Я ніколі не падзяляў тэатральных захапленьняў Касі. Па-мойму, калі п’еса добрая, дык каб яна зрабіла пэўнае ўражаньне, няма патрэбы турбаваць актораў і можна абмежавацца адным чытаньнем. Калі-ж п’еса дрэнная, дык ніякае выкананьне ня зробіць яе добраю.