йсьці бліжэй, і замест таго, каб заступіцца, пішуць цяжкім стылем агульныя месцы і нікому непатрэбную мораль…» і гэтай далей, усё накшталт гэтага.
Прайшло яшчэ колькі часу, і я атрымаў гэткі ліст: «Мяне бязьлітасна ашукалі. Не магу болей жыць. Распарадкуйцеся з маімі грашыма, як самі ведаеце. Я любіла вас як бацьку і адзінага майго сябра. Даруйце».
Выявілася, што і Касін ён належаў таксама да «табуна дзікіх людзей». Пазьней паводле некаторых намёкаў я мог здагадацца, што была спроба зрабіць самагубства. Здаецца, Кася спрабавала атруціцца. Трэба думаць, што яна потым была сур’ёзна хворая, таму што наступны ліст я атрымаў ужо з Ялты, куды напэўна, яе паслалі дактары. Апошні ліст яе да мяне зьмяшчаў у сабе просьбу што найхутчэй выслаць ёй у Ялту тысячу рублёў, і канчаўся ён гэтак: «Прабачце, што ліст гэткі сумны. Учора я пахавала сваё дзіця». Пражыўшы ў Крыме амаль ня год, яна вярнулася дадому.
Вандравала яна амаль не чатыры гады, і ўва ўсе гэтыя чатыры гады, трэба прызнацца, я граў у дачыненьні да яе даволі незавідную і дзіўную ролю. Калі раней яна абвясьціла мне, што ідзе ў акторкі, і потым пісала мне пра сваё каханьне, калі яе апанаваў дух марнатраўства і мне даводзілася, паводле яе запатрабаваньня, высылаць ёй то тысячу, то дзьве рублёў, калі яна пісала мне пра свой намер памерці і потым пра сьмерць дзіцяці, то кожны раз я траціў розум і