пакою… Я ўсхопліваюся, сьпяшаючыся апранаюся і асьцярожна, каб не заўважылі хатнія, выходжу на вуліцу. Куды ісьці?
Адказ на гэта пытаньне ў мяне даўно ўжо сядзіціь у мазгох: да Касі.
III
Звычайна, яна ляжыць на турэцкай канапе і чытае што-небудзь. Убачыўшы мяне, яна па-гультайску падымае галаву, садзіцца і дае мне руку.
— А ты ўсё ляжыш, — кажу я, памаўчаўшы крыху і адпачыўшы. — Гэта няздорава. Ты-б занялася чым-небудзь!
— Га?
— Ты-б, кажу, занялася чым-небудзь.
— Чым? Жанчына можа быць толькі простай работніцай або акторкай.
— Ну што-ж? Калі нельга ў работніцы, ідзі ў акторкі.
Маўчыць.
— Замуж-бы выходзіла, — кажу я, жартуючы.
— Няма за каго. Ды і ня варта.
— Гэтак жыць няможна.
— Бяз мужа? Вялікая рэч! Мужчын колькі хочаш, абы была ахвота.
— Гэта, Кася, няпрыгожа.
— Што няпрыгожа?
— Ды вось тое, што ты цяпер сказала.