Заўважыўшы, што я засмучоны, і хочучы загладзіць дрэннае ўражаньне, Кася гаворыць:
— Хадзем. Ідзеце сюды. От.
Яна вядзе мяне ў маленькі, вельмі ўтульны пакой і гаворыць, паказваючы на пісьмовы стол:
— От… Я прырыхтавала вам. Тут вы будзеце працаваць. Прыяжджайце штодня і прывозьце з сабой працу. А там дома вам толькі перашкаджаюць. Будзеце тут працаваць? Хочаце?
Каб не пакрыўдзіць яе адмовай, я адказваю ёй, што працаваць у яе буду і што пакой мне вельмі падабаецца. Тады мы садзімося ў утульным пакойчыку і пачынаем гаварыць.
Цяплыня, утульная абстаноўка і прысутнасьць сымпатычнага чалавека ўзьнімае ва мне цяпер не пачуцьцё задаволеньня, як раней, а моцнае жаданьне да скаргаў і бурчаньня. Мне здаецца чамусьці, што калі я панаракаю і паскарджуся, дык мне будзе лягчэй.
— Дрэнная справа, мая любая! — пачынаю я, уздыхнуўшы. — Вельмі дрэнная…
— Што гэтакае?
— Бачыш от, у чым справа, мой дружа. Самае лепшае і самае сьвятое права каралёў — гэта права памілаваньня. І я заўсёды адчуваў сябе каралём, таму што бязьменна карыстаўся гэтым правам. Я ніколі ня судзіў, быў спагадлівым, ахвотна дараваў віну ўсім направа і налева. Дзе іншыя протэставалі і абураліся, там я толькі раіў і пераконваў. Усё свае жыцьцё я стараўся толькі, каб мая прысутнасьць была прыемнаю