добрага». Іначай кажучы, усё агідна, няма чаго жыць, а тыя 62 гады, што ўжо пражытыя, трэба лічыць загіблымі… Я лаўлю сябе на гэтых думках і стараюся пераканаць сябе, што яны выпадковыя, часовыя і сядзяць ва мне ня глыбока, але зараз-жа я думаю:
«Калі так, дык навошта-ж кожны вечар цябе цягне да тых дзьвюх жабаў?»
І я клянуся больш ніколі не хадзіць да Касі, хоць і ведаю, што заўтра-ж зноў пайду да яе.
Сморгаючыся каля сваіх дзьвярэй за званок і потым, ідучы ўверх па ўсходцах, я адчуваю, што ў мяне ўжо няма сям’і і няма жаданьня вярнуць яе. Ясна, што новыя, аракчэеўскія думкі сядзяць ва мне не выпадкова і не часова, а ўладаюць ўсёю маёю істотаю.
З хворым сумленьнем, пануры, гультаяваты, ледзь рухаючыся, нібы ва мне прыбавілася тысяча пудоў вагі, я кладуся ў пасьцель і хутка засынаю.
А потым — бяссоньніца…
IV
Надыходзіць лета, і жыцьцё мяняецца.
У адну прыгожую раніцу ўваходзіць да мяне Ліза і гаворыць жартаўлівым тонам:
— Хадзем, ваша яснавяльможнасьць. Гатова.
Маю яснавяльможнасьць вядуць на вуліцу, садзяць рамізьніку ў брычку і вязуць. Я еду і, ня маючы лепшага занятку, чытаю шыльды справа налева. З слова «трактир» выходзіць «риткарт». Гэта-б добра было