СТАРАЖЫХА. За гэтакую работу скрыўдзіць не павінны.
СТОРАЖ. Э, чорт іх ведае!.. Жулікі, здаецца, якіесь… Вось цяпер мне казаў на іхнім падворку Валент, стораж, што за старую кватэру не заплацілі, жыдоўцы ў крамцы, набраўшы на павер, не заплацілі, крамніца цяпер праклінае на чым сьвет стаіць!.. Эт! ёсьць-жа і людзі, пажалься Божа!.. (вытрахае з люлькі на падлогу попял).
СТАРАЖЫХА. Ты што? здурэў? ці што!? Я тут чышчу хату ажно са скуры лезу, а ён гадзіць на падлогу сваей махоркай!
СТОРАЖ. Э, для іх і так добра будзе!
Зьява 2.
ТЫЕ-Ж і КОСТУСЬ.
КОСТУСЬ (да Стоража). Ну, што? ужо ўсё?
СТОРАЖ. Яшчэ, панок, толькі адзін куфар застаўся… Вось зараз прынясу… (выходзіць).
Зьява 3.
ТЫЕ-Ж бяз СТОРАЖА.
КОСТУСЬ (да Старажыхі). А ў вас, цётка, скора ўсё будзе гатова?
СТАРАЖЫХА. Вокны ўжо памыла. Вось зараз толькі памыю падлогу — і канец.
КОСТУСЬ. Падлогу ня трэба, не пасьцееце. Ужо яны мабыць скора прыдуць. Сягоньня страшэнны мароз. Ад мокрай падлогі вільгасьць толькі разыходзіцца… А ў печы ўжо напалілі?
СТАРАЖЫХА. А як-жаж, панок, напаліла