ЯДЗЬКА. Хто-ж вас загіпнытызаваў?
КОСТУСЬ. Два васількі… (глянуўшы працяжна на Ядзьку, хаваецца ў свой пакой).
Зьява 4.
ЯДЗЬКА (адна), пасьля ВАСІЛЬ.
ЯДЗЬКА. Гм! Дзіўны чалавек. Прасунуў галаву праз дзьверы на адзін мамэнт, каб ўзяць гарбаты, а пасьпеў ужо наплесьці рознай філязофіі цэлую кучу… Зусім такі самы з глузду зьехаўшы, як мой Васіль… Мусіць ад учорашняй гарэлкі яшчэ не пратрэзвіўся…
Уваходзіць Васіль з хлебам і бутзлькай з малаком.
ЯДЗЬКА. А! ты купіў хлеба і малака?
ВАСІЛЬ. Але… — Я цяпер спаткаўся на вуліцы з тваей Паўлінай… Ці яна ў нас была?
ЯДЗЬКА. Але, і прынесла мне падарунак… Глянь, якое харошае паліто!
ВАСІЛЬ (аглядая паліто). Гм! Паліто важнецкае! Гэта добра… Тую кацавейку, што я для цябе пазычыў, можна ўжо будзе аддаць, бо баба лезе мне ў вочы, каб я хутчэй аднёс. Я-ж ўзяў толькі на пару дзён.
ЯДЗЬКА. Ну і аддай! Сягоньня яшчэ аддай!.. Ах, каб ты ведаў, якая Паўліна добрая! Як яна шчыра хоча нам дапамагчы! Яна казала, што ёсьць для цябе служба. Трэба толькі, каб ты зайшоў да яе мужа, а ён ужо цябе устроіць.
ВАСІЛЬ (зморшчыўся). Не пайду я да гэтага дурня!
ЯДЗЬКА (пляснуўшы рукамі). Вось маеш табе! Для цябе ўсе дурні, толькі ты адзін разумны!.. Людзі самі прыходзяць да цябе з добрым сэрцам, а ты толькі: дурні ды дурні. Бач, адзін разумны які!..