ВАСІЛЬ (знэрваваўшыся крыху). А ты ня можаш устрымаць свае нэрвы і злосна пачынаеш кусацца?
КОСТУСЬ. Не, я ня кусаюся, але толькі кажу, што думаю… Ты добра ведаеш, што ты для іншай багацейшай культуры, дзе былі ўжо свае Шэксьпіры, Мольеры, Кальдэроны, або Міцкевічы ці Пушкіны — мала мог-бы зрабіць і загінуў-бы ў моры забыцьця, а тут для беларусаў ты будзеш „вялікі слаўны поэт“ ха-ха!.. Вось ключ усей справы! Вось дзеля чаго ты ляціш з рагацінай на крыльля ветранога млына.
ВАСІЛЬ. (Злосна). Ня ведаю, за што хацеў ты мяне балюча ўкусіць, але табе гэта не ўдалося. Як злы сабака, ты кінуўся на мяне, але ўчапіўся зубамі толькі за вопратку мне… Але каб з табою сквітавацца, скажу ў свой чарод, што я думаю аб табе: сумленьне цябе мучыць, што ты нічога ня робіш і спакойна глядзіш, як бяруць душы ў палон, іронічным сьмехам стараючыся заглушыць голас свайго сумленьня. Можа дзеля таго ты і ўцёк з вёскі, каб лягчэй забіць голас душы свае. Але бачу, што ёсьць нешта гэткае, што сядзіць у сэрцы тваім і грызе цябе. Я добра ня ведаю, што гэта, але бачу, што нешта грызе цябе… І я ведаю адно: ты зайздросьціш мне! ты хацеў-бы хоць частку веры маей мець, дзеля таго ты спрэчкі вядзеш са мной. Хто ведае, можа на самым дне душы тваей гэта вера ўжо загарэлася, але ты плюеш ува ўласную душу і стараешся загасіць сьвяты вагонь. Ты захінуўся ў дурны плашч пэсыміста-сцэптыка і праз нейкую дзіўную злосьць хочаш атрутаю свайго штучнага нявер’я атруціць мой дух. Скінь плашч! далоў чорную маску з твару, будзь чалавекам сёньняшняга дня: жыві, працуй, змагайся!
КОСТУСЬ. Я бачу адно: задоўга я ў цябе жыву, дадзелі мы адзін аднаму. Паміж прыяцелямі тады дружба крапчэе, калі яны рэдка бачаць адзін