аднаго. Калі мы хочам далей заставацца прыяцелямі, дык мы павінны рэдка бачыцца, гадуючы ў душах толькі ўспамін нашых, супольна перажытых, дзіцячых гадоў.
ВАСІЛЬ. Растацца можам хоць сягоньня. Я цябе тут жыць не прымушаю.
КОСТУСЬ. Ты хочаш сказаць, што ляпей было-б, каб я выехаў з тваей кватэры?
ВАСІЛЬ. Вось — тое я й кажу.
КОСТУСЬ. Ну — добра! Няма ніякіх перашкодаў. Трэба толькі разрахавацца. Колькі я табе павінен заплаціць?
ВАСІЛЬ. Ты жартуеш! Гэта-ж я табе вінаваты!
КОСТУСЬ. Я ня ведаю… Я нічога не рахаваў… Як скажаш, так і добра.
ВАСІЛЬ. Ага! Разумею! Ты ведаеш, што я заматаўся ў гэтым даўгу, як у сецях, — ты зумысьля мне гвалтам піхаў грошы, каб цяпер вось сваім велікадушным жэстам стаптаць мяне ўшчэнт… Не, не! Кажы, колькі табе ад мяне належыцца?
КОСТУСЬ. Ах, Божа мой!.. Дык-жа я кажу, што ня ведаю.
ВАСІЛЬ. Ня ведаеш? Ну, дык пастарайся прыпомніць і скажы мне. Я да заўтра заплачу табе ўсё — кожную капейку.
КОСТУСЬ. Можаш гэтак не сьпяшацца.
ВАСІЛЬ. Не! пасьля гэтай гутаркі, я нічым не хачу быць табе абавязаны.
КОСТУСЬ. Хэ! ня першая гэта такая ў нас гутарка…
ВАСІЛЬ. Але апошняя!
КОСТУСЬ. Бог дасьць мо’ й не апошняя.
ВАСІЛЬ. Я маю надзею, што мы ўжо растаемся.
КОСТУСЬ. Але. Гэта канешна патрэбна.