ВАСІЛЬ. І я так думаю.
КОСТУСЬ (глядзіць іронічна на Васіля). Хэ-хэ-хэ! Ну, значыцца дакучаць тут табе больш ня буду. Іду складаваць свае рэчы…
ВАСІЛЬ. І абрахуй, калі ласка, колькі я табе вінаваты?
КОСТУСЬ (выходзячы). Добра… добра…
Зьява 7.
ВАСІЛЬ (адзін).
ВАСІЛЬ. О, Божа мой! Скуль узяць грошы, каб аддаць яму?! О, Божа мой, галава трашчыць. Скуль узяць?!.
Зьява 8.
ВАСІЛЬ і ЯДЗЬКА (ўваходзіць).
ЯДЗЬКА. Ну, я ўжо ўсё устроіла. Заўтра можна будзе аддаць дзіця ў прытулак. Там вельмі добра…
ВАСІЛЬ. Ведаеш, я толькі што пасварыўся з Костусем…
ЯДЗЬКА. Ну, гэта не пяршыня!
ВАСІЛЬ. Трэба канешна аддаць яму ўсё, што мы вінаваты! О, Божа мой! скуль узяць?!
ЯДЗЬКА. А адкуль-жа ж мы возьмем гэтулькі грошай!.. Колькі гэта будзе?
ВАСІЛЬ. Я сам добра ня ведаю. Шмат!
ЯДЗЬКА. Э, ня дуры галавы! Гэтулькі разоў ты ўжо сварыўся з ім і пасьля была ізноў згода. Гэтак сама будзе і цяпер.
ВАСІЛЬ. Не, цяпер зусім што іншае цяпер інакшая справа. Я не магу болей з ім жыць. Ён ядам сваім атручвае маю душу, ён адбірае ад мяне маю веру — я даўжэй не магу!..
ЯДЗЬКА. Якую веру?