Дайце мне раней веру — вось што! Але кіньма лепш. Два дні назад я гутарыў аб гэтай справе з Васілём… І цяпер я пакідаю іхнюю кватэру — вось фінал гэтай гутаркі! Хэ-хэ!..
БАГДЗЕВІЧ. Ну, глупства! Васілёк — гарачы хлопец, палаяўся мусі трохі з вамі. Ня трэба на яго за гэта злавацца. Але дзе-ж ён? ня ведаеце, ці скора вернецца, бо маю да яго важную справу.
КОСТУСЬ. Ён хутка прыдзе са службы… А вы можа яшчэ нічога ня ведаеце? Ён дастаў пасаду ў хлебным бюро… А дзень перад тым спаліў усе свае рукапісы.
БАГДЗЕВІЧ. Што?! Спаліў! Чаму?!
КОСТУСЬ. Спаліў усё. Як гэта здарылася — ня ведаю, я пры гэтым ня быў… Два дні ўжо, як маўчыць і ні са мной, ні з жонкай сваей не гавора ні слова…
БАГДЗЕВІЧ. Усё спаліў!? Не разумею, што-ж гэта… Значыцца й сваю драму?
КОСТУСЬ. І драму.
БАГДЗЕВІЧ. Ах, вар’ят! вар’ят! Ён чытаў мне першы акт, такая арыгінальная рэч!.. Ну, я-ж яму за гэта задам фэферу! Ах, шалёны хлопец!.. (разгледзіўшыся па хаце). Ну, адзе-ж іхняе дзіця? Ня відаць нешта…
КОСТУСЬ. Аддалі ў прытулак. А на другі дзень захварэла тамака. Жонка Васіля цяпер цалюсенькіе дні сядзіць у прытулку пры дзіцяці.
БАГДЗЕВІЧ. Эх, між намі кажучы, дык толькі лішніе клопаты зваліліся ім на галаву праз гэтае дзіцянё! Цяпер такіе цяжкіе часы, Васіль б’ецца як рыба аб лёд, каб сяк-так пракарміцца, а тут вось яшчэ: новая бяда!
КОСТУСЬ. Наагул усё іхняе жыцьцё склеілася ня так, як трэба… (чуваць за сцэнай крокі).