сюды прыйшоў. (Выймае з кішані нейкую паперку). Маеш, чытай.
ВАСІЛЬ (перабягае вачыма паперку і гавора з вялікім дзівам). Што гэта?! Не разумею… Няўжо-ж праўда!? Не! трудна верыцца ! Гэта хіба мана!
БАГДЗЕВІЧ. Не, браток! — Прабраўся праз фронт Пышка, — ты яго мусі памятаеш? — і вось прывёз гэтую вестку: 18-га сьнежня 1917-га году ў Менску на Ўсебеларускім Зьездзе аб’яўлена незалежная Беларуская Рэспубліка. Разумееш ты вагу гэтага момэнту? — сабраліся гэтые нашые „простые“ людзі з усіх куткоў Беларусі — гэтые мужыкі ў сьвітках і салдаты ў шэрых шынэлях і голасна перад усім сьветам выказалі сваю волю!.. Ці мы, браток, калі адзінаццаць гадоў назад выпушчалі на Віленскай вуліцы першы нумар „Нашай Долі“, маглі спадзявацца, што кінутае намі зярнё ў гэтакім хуткім часе дасьць такі багаты ўсход?!
ВАСІЛЬ (праз гэты час зірнуў далей у паперку і спалохаўся). Што гэта?! Бальшавікі зьезд разагналі? Як-жа ж гэта?!
БАГДЗЕВІЧ. Гэта нічога, браток! Не палохайся! Нічога… Гэта глупства! Важна тое, што народ, пасьля доўгага заняпаду, пасьля векавой маўчанкі, выявіў сваю волю. Падумай толькі: больш як паўтары тысячы дэлегатаў з розных беларускіх гарадоў, вёсак і мястэчак, ад розных беларускіх арганізацыяў, сказалі тое вялікае слова, аб якім дзесяць гадоў назад, у мінюты самых найсьмялейшых лятуценьняў, мы яшчэ падумаць ня сьмелі… Тут ужо, браток, пункт, канец, далей ужо няма чаго казаць. Ужо ўсё сказана…
ВАСІЛЬ (як ува сьне, як рэха). Бальшавікі зьезд разагналі…
БАГДЗЕВІЧ. Няхай! няхай! Няхай гоняць, ня-