Старонка:Няскончаная драма (1921).pdf/65

Гэта старонка не была вычытаная

АКТ ІV.

Дэкорацыя тая самая.

Зьява 1.

КОСТУСЬ і ВАСІЛЬ.

КОСТУСЬ. Значыцца сягоньня йдзеш?

ВАСІЛЬ (увязваючы падарожны клумак). Але. Даўжэй ужо няма чаго сядзець. Трэба ўжо. І нялоўка перад Багдзевічам. Я-ж абяцаўся, што сягоньня ўжо пайду.

КОСТУСЬ. Не баішся?

ВАСІЛЬ. Трохі жудасна. Зіма, няведамая дарога, фронт… Але ўсё роўна! Я паставіў на карту ўсё, так як ты іншы раз кідаеш на зялёны стол усе свае апошніе маркі… Адзін з вузлоў, які зьвязваў мяне з Вільняй, ужо парваўся: дзіця памёрла. Шкада мне жонкі, яна шмат нацярпелася і цяпер яшчэ ня можа забыцца аб Альфонсіку, — але можа й ляпей, што гэтак сталася. Я ня меў у сэрцы сваім бацькаўскага каханьня, я стараўся споўніць толькі свае абавязкі: я даставаў грошы, грэў малако… Але я ня мог так, як Ядзька, сядзець пры калысцы хворага дзіцяці і з болем у сэрцы глядзець на ціхае заміраньне маленькай істоты. І толькі тады, як пасьля яго сьмерці я прыйшоў у прытулак і пабачыў гэты трупік малога чалавечка, у маім сэрцы зьявілася нейкая неапісаная літасьць і неразгаданае пытаньне: нашто гэтая істотка зьявілася на сьвет, дзе ня было ёй суджана ніякай радасьці спазнаць, а толькі ў муках закончыць сваё кароткае жыцьцё… Вось цяпер, думаю, Ядзька пайшла на могілкі і сядзіць там адна і плача. А я гэтай роспачы зусім не адчуваю.

КОСТУСЬ. Сэрца матчынае інакш адчувае сьмерць дзіцяці.