КОСТУСЬ. Ці вы памятаеце сваё вясельле ?
ЯДЗЬКА. Памятаю. Дык што?
КОСТУСЬ. Седзячы на вёсцы, я адтрымаў ад Васіля пісьмо з просьбай каб прыехаць… Я вас тады яшчэ ня знаў. Стары друг просіць мяне на вясельле — я прыехаў… Было шмат гасьцей, усе многа пілі, а я сядзеў і толькі глядзеў на вас…
ЯДЗЬКА. Але, я памятаю… Я тады падумала: чаго гэта ён так сядзіць і глядзіць на мяне…
КОСТУСЬ. Тады рашыўся мой лёс. У маёй душы зазьвінела нейкая новая незакранутая дагэтуль струна. Я дастаў ваш патрэт і павесіў яго ў сябе над сталом… Я ўглядваўся ў яго, я маліўся перад ім, я хацеў, каб папяровая картачка ажыла перада мной, як некалі мармуровая Галятэя перад закахаўшымся ў ёй рэзьбяром… І даўжэй я ўжо ня мог быць так далёка ад вас. Я пераехаў ў Вільню, каб быць бліжэй… Каб быць яшчэ бліжэй да вас, пані Ядзя, я закватараваўся ў вас… Ад гэтага часу мы жывем у аднэй хаце… Я вас кожны дзень бачыў… Гэта было ядынае маё шчасьце.
ЯДЗЬКА. Пане Костусь! Што вы?.. Вы хіба жартуеце?
КОСТУСЬ. Я ніколі ня важыўся казаць вам гэта, цяпер неяк пачаў, ну дык — усё роўна! — буду ўсё гаварыць да канца… Адразу ўсё і сякі, ці такі канец… Шкада часу, жыцьцё наша гэтакае кароткае: адзін міг… Вы любіце Васіля… А ён лёгка можа абыйсьціся бяз вас… Доля ня была для яго такой мачахай, як для мяне. Ён мае радасьць творчасьці, веру ў сваю ідэю… Можа навет ляпей яму будзе бяз вас… А я на ўсенькім сьвеце нічога ды нікагусенькі ня маю апрача вас аднэй. Вы для мяне ўсё: мая радасьць, маё шчасьце, мая мэта жыцьця.
ЯДЗЬКА. Пане Костусь! Вы ня маеце права казаць мне гэткіе рэчы!