(Да гісторыі Савецкае Беларусі).
Ж. Х. З.
14 лютага 1918 году адчыніў сваю чыннасьць Беларускі Нацыянальны Камісарыят, зьмясьціўшыся ў гістарычным памяшканьні на Знаменскай вуліцы, дом 36. Гэтым адмяраўся першы крок па пуціне рэальнага вырашэньня беларускага нацыянальнага пытаньня. Было ясна, што Савецкая ўлада, у адлічча ад часовага ўраду меншавікоў і эсэраў, падыйшла да гэтага пытаньня з дзяржаўнаю меркаю і адначасна з іншымі галінамі політычнага і экономічнага характару павядзе яго к радыкальнаму вырашэньню. Само сабою зразумела, што паварот на гэты шлях беларускага пытаньня ўлічаўся за вялікі посьпех і лісьціў савецкія беларускія колы. Усякі намёк на опозыцыю Савецкай Уладзе, нават малейшая крыўда, аб якой яшчэ чулася на трэцім Усерасійскім Зьезьдзе Саветаў, пры гутарцы аб Усебеларускім конгрэсе—зараз сьціраліся. Між левымі коламі беларусаў і Савецкай Уладай было поўнае паразуменьне, поўная коордынацыя чыннасьці ў справе належнага вырашэньня беларускага нацыянальнага пытаньня. Ад гэтага хутка напрашвалася чароднае пытаньне,— зьліць Левую Беларускую Соцыялістычную Грамаду з Беларускай Комуністычнай Партыяй. І нясумненна, што яно зараж-жа магло-бы выліцца ў конкрэтную форму і гэтым адмеціць вобразнае завяршэньне ў эволюцыі наймацнейшай беларускай Соцыялістычнай Партыі, якою была на працягу лютаўскага пэрыоду рэволюцыі Беларуская Соцыял. Грамада ў яе левым крыле. Аднак здарэньні моманту, якія разварочваліся вакол Берасьцейскага замірэньня і наступу нямецкіх арміяў на Менск і Петраград, перамянілі хаду разьвіцьця беларускага руху. Эвакуацыя чырвонае сталіцы і пераезд ураду ў Маскву пакідалі пагражаючыя скуткі і дапамаглі аб цяжкім становішчы Савецкае Ўлады. Выразна вызначалася мажлівасьць заняцьця немцамі Петраграду, у зьвязку з чым высоўвалася пытаньне аб месцы нахаджэньня цэнтру Беларускае Соцыялістычнае Грамады і аб працы яе сяброў пад окупацыяй. Пераносіць яго ў Маскву, разам з Камісарыятам, ня мела сэнсу; тым болей, што Петраград, багаты беларускімі рэволюцыйна-пролетарскімі масамі, мог-бы падпасьці пад уплыў менскіх незалежнікаў, якія хутка панаскаквалі-б у чырвоную сталіцу са сваёй агітацыяй. Каб вырашыць гэтыя пытаньні, на 11 сакавіка было склікана агульнае сабраньне Петраградзкай Організацыі Соцыялістычнай Грамады, на якім, поруч з іншымі пытаньнямі, стаялі і гэтыя пытаньні. Абгаварыўшы іх ўсебакова, агульнае сабраньне пастанавіла: 1) аб сучасным моманце: „Прызнаць патрэбным найбольшаму ліку сяброў організацыі астацца ў Пецярбурзе, калі яго зойме немец, каб застаўшыся