Калі разняслася сумная вестка, што Іван Іванавіч адышоў у вечнасьць і пахован у Закапаным, уся гімназія — і вучашчые і вучашчыеся, бяз рожніцы веры пайшлі на жалобную імшу ў касьцёл, каб памаліцца за дарагога нябшчыка, аддаўшага ўсё сваё жыцьцё на службу адраджэньню роднай бацькаўшчыны Беларусі.
М. Кахановіч.
Я з Іванам Луцкевічам пазнаёміўся ў 1915 годзе, 4 лістапада, пасьля прыходу ў Вільню немцаў. Калі пачалі гутарку, то Іван Луцкевіч сказаў:
— „Нам трэба цяпер як хутчэй арганізаваць беларускіе школы“.
Я адказаў, што ў нас нямашака вучыцялёў.
— „Нічога: трэба толькі хутчэй вучыцельскіе вячорные курсы адчыніць, — дык і вучыцялі знойдуцца.
Многа працы палажыў ён дзеля беларускіх пачатковых школ і вучыцельскіх курсаў, каторые хутка былі зарганізаваны і пайшлі поўным ходам ужо ў канцы лістапада.
Пад той жа час Іван Луцкевіч і я арганізавалі саюз друкарскіх работнікаў, але ён больш за мяне палажыў працы дзеля гэтай арганізацыі. Пачалі мы так-жа арганізоўваць беларускіх работнікаў у Беларускую Соцыял-Дэмакратычную Групу. Зьбіраліся ў клюбе вольных пажарнікаў на Партовай вуліцы ў доме № 6, дзе часьць памяшчэньня была занята беларускай драматычнай дружынай; у яе пакою і зьбіраліся.
Гэтак у пастаяннай рабоце прыждалі мы вясны. Надыходзіў 1 май. Трэба было выдаць першамайскую праклямацыю. І ў дзень сусьветнага работніцкага сьвята ў 1916 годзе яна-такі выйшла ў сьвет ад імя Б. С.-Д. Гр., ды пры гэтым Іван Луцкевіч паказаў лішні раз сваю энэргію і спрыт: выдаць пад той час праклямацыю было нялёгка, бо-ж кожнаму вядома, сколькі ўсюды было нямецкіх шпікоў…. Сколькі з таго часу было выдана праклямацый Бел. С.-Д. Групы, то гэта была напалову праца Івана Луцкевіча. Якіе-ж былі клічы гэных праклямацый, — гэта пэўне кожнаму вядома.
Калі ў красавіку 1919 году прыйшлі ў Вільню палякі, захаджу я да Івана Луцкевіча і кажу: што цяпер будзем рабіць? А ён і кажа: