Сьвятое гэта месца!..
Ахвяруецца Івану Луцкевічу.
У часе „нелегальнага“ жыцьця с. п. Івана Луцкевіча ў Вільні ён усе свае багатые зборы старасьвеччыны хаваў у рэдакцыі «Наша Нівы». Гэтае „сьвятое месца“ і навеяла Зьмітраку Бядулі гэтые думкі, ахвярованые Ів. Луцкевічу, калі Бядуля першы раз быў прыехаў у Нашу Нівy ў 1912 г.Рэд.
Ціха…
Якое хараство схавана ў гэтай цішыні!
Якіе глыбокіе думы пасеялі ў ей свае зярняты!
Якіе таëмные казкі цудоўнае паэзіі наіграваюць на яе нявідзімых струнах нябесные мэлёдзіі!
Ціха…
Я люблю гэту цішыню… Я малюся ёй, як нейкаму сымвалу чыстаты…. Здаецца мне, што як Богу трэба было стварыць чалавека, то Ен райскім келіхам сваім набраў матэрыялу з мора цішыні для чалавечае душы…
У часіны самае нямое цішыні, быццам лебядзі сярод хваль, усплываюць на вяршыны творчасьці думы вялікіх геніяў…
У гэтых часінах цішы гараць у высі праменьні рожных вер, з каторых людзі снуюць сваё шчасьце зямлі.
У гэтых часінах цішы байцы за ідэю знаходзяць духовую сытасьць і пазнаюць, якімі быць трэба, каб-ткі запраўды „людзьмі звацца“.
У гэтых часінах цішы зьяўляюцца рожные таёмные мары і спаўняюцца жаданьні чыстых сэрц…