Бутрым. Я яшчэ пеўнем засьпяваў, каб табе больш страху нагнаць!..
Параска. Во, злыдзень! Напужаў толькі!..
Ганна. І добра зрабіў! Бо ня трэба цягацца апоўначы, а лепш ў хаце сядзець!..
Параска. Трэба было!..
Ганна. Бач, яе, марцовая паненка!
Параска. Хто-б сьмяяўся, ды ня ты-б!..
Ганна. Я-ж поначы не цягаюся…
Параска. Сьвятая!.. Анёльчык!.. А з Сымонам хто галубіцца?..
Ганна. А з Дзянісам хто мілуецца?
Параска. Твой Сымон смаркаты!
Ганна. А твой Дзяніс гарбаты! (Усе рагочуць).
Янук. Ну, годзе, сакатухі!.. Спляліся ўжо!..
Параска. А чаго ёй ад мяне трэба?
Ганна. А табе чаго?
Параска. Дурніца, змоўкні!
Ганна. Ты сама дурніца! (Дзеўкі пачалі біцца).
Янук. Кіньце, авечкі бясхвостыя, а то я вас інакш папрашу!.. (Пачаў іх разводзіць, а яны яго павалілі і надавалі гуплікаў. Ён адбег у бок).
Усе. Давай, давай!
Янук. Дзяўчаткі, завошта?
Параска. А хто цябе выклікаў на гутарку?
Ганна. І я кажу, чаго ты выскачыўу?.. Мы пасварыліся, мы і памірымся!..
Бутрым (падышоў да Янука, узяў яго за вуха). Хадзі сюды! (Прывёў на авансцэну).
Янук (ідучы). Чаго?