Бутрым. Во, дзе прыхільніца!
Віцька. Ды што з ёю гаварыць!
Агата. Не гавары, будзь ласкаў! (Чуцен рог мысьлівага).
Віцька. Пан сюды ідзе! (Узьняўся гоман. Усе ўзяліся падграбаць сена).
Бутрым. Паклікалі, ну дык ідзе. Бач, як узяліся за працу!..
Параска. Нешта ён часта пачаў заглядаць сюды!..
Аксіньня. Шукае нечага!..
Віцька. Добрага сука, каб павесіцца!
Бутрым. Лоўка, Віцька!
Пракоп. Ямчэй і быць ня можа!.. А мне, Віценька, здаецца, што пан ужо вісіць і вецер ногі калыша!..
Янук. А пан усё дыша! (Зарагатаў).
Параска. А ўсё-ж хочацца ведаць, чаго ён заглядае сюды!..
Ганна. А калі так хочаш ведаць, падыйдзі ды запытайся: — паночку даражэнькі, чаго гэта ты бадзяешся па сенажаці?
Бутрым. І адказ быў-бы!.. Тры дні чухала-б патыліцу!..
Параска. Жарты жартамі, а як убачыць ён нашую працу, дастануць на арэхі і парабкі, і парабчанкі!..
Агата. І чаму вы так дрэнна думаеце пра пана? Няўжо ён такі нядобры?
Усе. І!.. Як расхваліла, падумаць!..