Агата. Раз пан загадаў — трэба! (Кася хацела ісьці).
Віцька. Чакай, не хадзі!
Агата. Як то чакай, пусьці!
Віцька. Ды я цябе калі пушчу, на дарогу ня трапіш!
Агата. Ого, які страх!
Віцька. Ты мне глядзі! Я жартаваць ня ўмею!
Агата. І чаго ты вызьверыўся?
Віцька. А пашто-ж ты яе выпраўляеш!.. Хочаш, каб хутчэй тваё месца заняла!.. Здаецца-ж ня так даўно сама была панскай палюбоўніцай, а цяпер, калі красу страціла, граблі ў рукі даў…
Агата. Маўчы ты, ліхадзей!
Бутрым. Хоць-бы дзе камень знайсьці, ды па мызе заехаць!..
Пракоп. Утапіць, ведзьму!
Аксіньня. Камень на шыю, ды ў вір галавою!
Ганна. Гэткую і вада не прыме!..
Агата. Цьфу на вас!
Бутрым. А ты ня плюйся, а то-як плюну!..
Віцька. І прыйшло-ж у галаву падсылаць дзяўчыну да гэтага павука!..
Параска. Справа вядомая!.. Уловіць у свае лапы, высмакча кроў, а пасьля граблі ў рукі ды на сенажаць!..
Ганна. Ня першая ўжо!
Бутрым. І як-жа цяпер быць?
Віцька. А што?
Бутрым. Казаў-жа прыйсьці ў двор!..