Сурынта. Як блізка да сэрца ўзяла!.. Вы гвалтам мяне прымусілі!.. Я права меў на гэта, на тое ты мая падданая! (Чуцен голас Касі: — Віценька, пачакай, я толькі граблі забяру! Убегла, убачыла Сурынту і са страхам стала).
Сурынта. Ну, чаго-ж спалохалася?
Кася. Я граблі хацела ўзяць!
Сурынта. Паслухмяная ты, дзяўчынка і песьні зычныя пяеш… Ты сірата?
Кася. У мяне няма нікога!..
Сурынта. Маці твая дзе?
Кася. Мамы я ня бачыл ніколі!..
Сурынта. Бацька?
Кася. Ня ведала!
Сурынта. Тым лепш!.. Я запішу цябе да сваіх падданых!..
Кася. Паночку, не карайце мяне за пабег!..
Сурынта. Па закону, кожны ўцякач, які самаўладна пакідае свайго пана, падлягае вялікай кары! (Кася спалохалася). Але… але табе будзе даравана мною воля!..
Кася (хацела пацалаваць руку). Дзякую, паночку, вы, як родны бацька!
Сурынта. Ня трэба дзякаваць, бяры свае грабелькі і пойдзем!..
Кася. А мяне там чакае…
Сурынта. Хто?
Кася (не адразу). Віцька!..
Сурынта. Які такі Віцька?..
Кася (упаўшым голасам). Ваш парабак!