Сурынта. Здаволяць!..
Гарбарын. Так, мудрая галава!.. Жыві-ж на радасьць нашу!..
Сурынта (да аканома). Чые дзяўчаты пад вянцом?
Трызна. Ці ня ўсёроўна! Абы дзяўчынкі!..
Гарбарын. І я кажу!.. У гэткім разе ня пытаюць!..
Трызна. Ды нам і не да твару ведаць радаслоўе мужыкоў!..
Сурынта. Ну, чые-ж дзяўчаты пад вянцом?
Аканом. Ганулька сінявокая, Параска сіраціна і Марыся, дачка музыкі!
Сурынта (зьдзіўлена). Сягоньня шлюб Марыські?
Аканом. Якраз цяпер!
Сурынта. І ты цяпер мне толькі кажаш?
Аканом. Даруйце, пане, яна-ж у мужа яшчэ і ня была!.. Пачын ваш першы!..
Сурынта. А ты не памятаеш, руды сабака, мой загад, як за Марыськай наглядаць?
Аканом. Я і наглядаў!..
Сурынта. Ой, глядзі мне, злыдне, наклічаш немачы на карак свой!..
Аканом. Я спадзяюся толькі ласку заслужыць!..
Сурынта. Чаму ня ідуць?
Аканом. Як толькі поп зьвянчае… Зараз-жа сюды!..
Трызна (з Гарбарынам у час размовы Сурынты з аканомам мімічна гутарылі). Я буду поп!