Сурынта. Ты што, руды сабака, устрывожаны?
Аканом. Ды з мужыкамі, значыць, ваяваў!..
Трызна. Чулі, ужо — чулі!
Сурынта. Скажы, якія весткі ёсьць пра Віцьку- парабка?
Аканом. Ужо ніякіх! Віцька галавою налажыў, ад чумы памёр!..
Гарбарын. Самая найлепшая для гада сьмерць!..
Сурынта. Гэта няпэўныя весткі!
Аканом. А чаму, вялікі пане, запыталі?
Сурынта. Кажуць, ён у гайдамакаў!
Аканом. Быў, а цяпер на тым сьвеце!
Трызна. Вось гэта весткі!..
Сурынта. Ня зусім, кажу, пэўныя!..
Гарбарын. А калі і так, ды больш увагі на сваю старожу!..
Сурынта (да аканома). Зараз-жа бяжы да майго дазорцы і скажы, уланы каб былі на месцы і коні ў даглядзе!..
Аканом. Усё, панок, на месцы, але-ж той Віцька на тым сьвеце! (Пабег).
Сурынта. Перасьцярога быць павінна!
Трызна. Табе трэба ў караля гармату папрасіць!
Гарбарын. Ды кароль не пашкадуе яму і дзьве гарматы!
Сурынта. Ёсьць у мяне свае ўланы ўдалыя: людзі надзейныя, коні ліхія, самапалы…
Трызна. Ну, дык за пана Сурынты моц!..