Гарбарын. Пане палкоўніку!
Віцька. Забраць! (Казакі вывелі Трызну і Гарбарына).
Сурынта (пачаў уставаць. Супрон стаіць над ім). Што са мною? Хто тут гэта?
Віцька. Я!.. Віцька!..
Сурынта (устаючы). Ты як пасьмеў?!. (Хапіў пістоль, які ляжаў на крэсле, але Супрон адабраў і трымае Сурынту за рукі).
Татарын (замахнуўся на яго булавою). На кратаялы, гарбыр сакыр!
Віцька (да татарына). Стой! (Той плюнуў і застанавіўся). (Да Супрона). Дай сюды пістоль! (Той аддаў). Няхай застанецца на памяць!
Аканом. А, родненькія мае, хто гэта!
Віцька. Не пазналі?
Аканом. Віценька!.. З радасьці не пазнаў!..
Віцька. Ну, як здароў?
Аканом. Дзякую!.. Здароў!.. (Віцька стукнуў па плячы. Аканом аж прысеў). Ой, як ты нязграбна пасадзіў!.. (Седзячы).
Віцька. Што, не па-панску?.. Уставай!
Аканом. Дзякую!.. Я пасяджу: за дзень натупаўся, ногі баляць!..
Віцька (узяў яго за карак і паставіў на ногі). Уставай!
Аканом. Устаў!