Аканом (зьдзіўлена). Сьвят, сьвят!.. Царыца неба!.. Гэта хто?..
Кася. Гэта-ж я! Хіба-ж вы не пазналі?
Аканом. Каб сонца яснага ня бачыў, як не пазнаў!.. Мне здалося — пані з таго сьвету!..
Кася. Вы што, уцяклі ад іх?
Аканом. Як бачыце — уцёк!
Кася. Даўно вас ня было!..
Аканом. Праз Віцьку, калом яму зямля!
Кася. Як?
Аканом. А так, Віцька цяпер на тым сьвеце ракаў ловіць!
Кася. Што значыць?
Аканом. Забілі!.. Вось гэтай цацкай. (Паказвае пістоль). Я забіў!
Кася. Які адважны сталі?!.
Аканом. Толькі-што ад іх!.. Зрабіў там сваю справу… Пакарміў я Віцьку гарохам алавяным і назад…
Кася. Ой, нешта тут ня так!..
Аканом. Ня верыце, хадзем да іх у стан!
Кася. Згода!.. Хадзем!..
Аканом. О, не! Туды зьявіцца зараз не выпадае!.. Там страшэнны перапуд, я шмат людзей перастраляў, зламаўся мой пістольчык!..
Кася. Ага, спалохаўся!..
Аканом. Я непалахлівы!
Кася. А вось пабачым зараз! (Хітра). Вы да Сурынты?